УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ (?—28.1.1170),
князь берасцейскі. Сын пераяслаўскага кн. Андрэя Васілевіча. У летапісах упамінаецца з 1149. У 1150 атрымаў Белгародскую воласць, у 1151 — Дарагабужскую, у 1153 — Бярэсце (у гэтым годзе дапамагаў вял. кіеўскаму кн. Ізяславу Мсціславічу, які ваяваў з галіцкім кн. Яраславам Уладзіміравічам). В.М.Тацішчаў меркаваў, што Бярэсце разам з Драгічынам У.А. атрымаў ад Ізяслава ў 1149. У 2-й пал. 1150-х г. У.А. атрымаў ад Юрыя Далгарукага Перасопніцу і ўсе гарады па цячэнні Гарыні. У далейшым быў пазбаўлены Бярэсця, бо ў 1169 дамагаўся вяртання гэтага горада.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)